Беларус у Гданьску напаў на хлопчыка, які адмовіўся гуляць з яго дачкой

Дзіця, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Гданьску 37-гадовы грамадзянін Беларусі напаў на васьмігадовага хлопчыка. Гэта адбылося пасля таго, як хлопчык адмовіўся гуляць з яго дачкой. Пра гэты выпадак піша выданне MOST са спасылкай на паліцыю Гданьска.
На дзіцячай пляцоўцы адбылася сварка паміж дзецьмі. Пасля гэтага дзяўчынка-беларуска прыйшла дадому і паскардзілася бацьку, што хлопчык не хоча з ёй гуляць. Раззлаваны мужчына выйшаў на пляцоўку, стаў душыць "крыўдзіцеля" дачкі і пагражаць яму. Потым ён вярнуўся дадому.
Хлопчык пры гэтым траўмаў не атрымаў, але на месца здарэння выклікалі паліцэйскіх. Яны знайшлі мужчыну, які быў вельмі нецвярозым. Выявілася, што гэта 37-гадовы беларус. Тэст паказаў у яго арганізме 2,5 праміле алкаголю. Мужчыну адвезлі ў выцвярэзнік, дзе ён правёў ноч.
Калі беларус працверазеў, яму выставілі абвінавачванне ў парушэнні цялеснай недатыкальнасці непаўналетняга і злачынных пагрозах на яго адрас. Па абодвух абвінавачаннях яму пагражае пазбаўленне волі: па першым — да года, па другім — да трох.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.