"Грошай мне хапае". Як беларус зарабляе ў гардэробе варшаўскага клуба

Наведвальнікі варшаўскага клуба "Іскра"

Наведвальнікі варшаўскага клуба "Іскра" / Shining Beats

Некалькі сотняў тысяч беларусаў за апошнія гады па розных прычынах з'ехалі з краіны ў Польшчу. Хтосьці з іх вярнуўся да свайго старога рамяства, іншыя асвоілі новыя спецыяльнасці.

Адзін з іх — Аляксандр (імя змененае на просьбу суразмоўцы), выпускнік Мінскай тэхнічнай ВНУ. Хлопец тры гады таму перабраўся жыць у Варшаву і цяпер зарабляе ў гардэробе аднаго з буйных начных клубаў горада.

Мінчук падзяліўся з Еўрарадыё сваім досведам працоўнай эміграцыі

 

 "Ведаў па-польску толькі "дзенькуе" і "довидзэння""

У канцы 2021 года я прыехаў у Варшаву па працоўнай візе. Хацеў падзарабіць, пажыць у іншай краіне, прыгледзецца. А потым пачалася вайна, і стала ясна — вяртацца пакуль не варыянт.

Варшава падалася мне лепшым горадам для старту: тут больш магчымасцяў, працы, месцаў для вучобы. Гэта вялікі, дынамічны горад. Хоць і цяжка было спачатку, але я хутка зразумеў — хачу застацца.

“Денег мне хватает”. Как белорус зарабатывает в гардеробе варшавского клуба
Клуб на даху Level 27 / My Guide Network

Першым часам было няпроста. Я ведаў па-польску толькі "дзенькуе"і " довидзання". Але веданне беларускай і трохі ангельскай дапамаглі хутка падцягнуць мову. Спачатку слухаў, потым пачаў гаварыць. Гэты працэс мяне захапіў моўнае апусканне, новыя людзі, новая культура.

Але праз нейкі час прыйшла туга па доме. Я прыехаў за месяц да свайго дваццацігоддзя, і ў Варшаве пачалося маё першае дарослае самастойнае жыццё. Сумаваў па родных, але назад не збіраўся. І не шкадую.

Спачатку хапаўся за ўсё: раздаваў улёткі, мыў падлогі і посуд, працаваў раннерам — прыбіраў брудныя талеркі ў гатэлі. Не абслугоўваў, проста цягаў посуд і мыў падлогі на сняданнях. Гэта была першая "нармальная" праца.

Пазней вывучыў мову і стаў працаваць афіцыянтам. Працы шукаў дзе толькі можна — у фэйсбук-групах, на OLX. Усё было хаатычна, нестабільна. Зарабляў мінімалку — 2,5-3 тысячы злотых. Часам больш, але рэдка.

Працаваў на складзе за горадам, жыў у хостэле. Потым стаў памочнікам бармэна, затым бармэнам у рэстаране з мішленаўскай зоркай. Праца стрэсавая, кліентаў трэба сустракаць з усмешкай, нават калі ўнутры пуста. Я выгарэў і сышоў.

 

"60% гасцей — адэкватныя. Астатнія — складаныя"

Пасля сыходу з барменскай пазіцыі я месяц не мог знайсці працу. Быў не сезон. У выніку мне прапанавалі часовую падпрацоўку ў буйным экзатычным начным клубе дапамагаць бармэну. Але па факце гэта было: прыбірай ваніты, насі лёд, мяці залу. Самая нізкая пазіцыя.

“Денег мне хватает”. Как белорус зарабатывает в гардеробе варшавского клуба
Клуб Teatro Cubano / konferencje.pl

Паколькі ў мяне быў досвед і некаторае веданне польскай і ангельскай, я прапанаваў сябе на бар, але мне прапанавалі гардэроб. Згадзіўся паспрабаваць. Праз першы месяц я зразумеў, што зарабляю больш, чым у рэстаране, таму вырашыў застацца.

Мая работа — сустракаць гасцей, браць аплату, выдаваць нумаркі. Але гэта не толькі ўзяў куртку павесіў. Мы — першыя, каго бачыць госць клуба. Мы ствараем першае ўражанне. Часта ў нас пытаюцца, дзе бар, дзе туалет, як замовіць столік. Мы як інформбюро: і навігатары, і трохі псіхолагі.

Змен шмат15-17 у месяц. Прыбытак 6-7 тысяч злотых. Мінімум каля 4,5. Усё залежыць ад сезону: узімку заробак вышэй, летам цішыня.

Кантынгент клуба вельмі розны. Ёсць і багатыя, і тыя, хто закатвае істэрыку праз 5 злотых за гардэроб. Прыкладна 60% гасцей адэкватныя. Астатнія — складаныя.

Часам п'яныя госці абвінавачваюць нас у крадзяжы куртак, хоць маглі іх самі пакінуць у зале. Спрабуюць схапіць за руку, крычаць. Бывае агрэсія пагражаюць пачакаць пасля працы і разабрацца. Але з вопытам навучыўся не панікаваць, выклікаць ахову або проста спакойна вырашаць канфлікт.

“Денег мне хватает”. Как белорус зарабатывает в гардеробе варшавского клуба
Вечарына ў варшаўскім клубе / Portal Legio24.pl

Адзін госць нядаўна пагражаў выцягнуць мяне з гардэроба за тое, што я шукаў яго куртку пяць хвілін. Ён быў на галаву ніжэй за мяне. Было смешна, але непрыемна.

Яшчэ ў нас ёсць драўляная скарбонка для чаявых, убудаваная ў стойку. Яе тройчы за апошнія паўгода спрабавалі вырваць, каб скрасці грошы. Смешна, але гэта Варшава — тут усякае бывае.

Затое прыемна, што можна зарабіць добрыя чаявыя — ва ўдалы дзень да 200 злотых. Клуб міжнародны: прыходзяць іспанцы, італьянцы, філіпінцы, французы. Стасункі з людзьмі з розных культур гэта тое, што мне рэальна падабаецца.

 

"Варшава гэта мой дом цяпер"

Я спрабаваў паступаць у паліцэальную школу ў Лодзі, але забраў дакументы — не спадабаўся падыход. Вучыцца ва ўніверсітэце зараз не гатовы, я сам сябе забяспечваю. Можа, з часам асвою прафесію, знайду больш стабільную працу. Але пакуль што мне камфортна. Я не вымотваюсь, а грошай хапае.

У мяне няма забароны на ўезд у Беларусь. Але я не ведаю, што будзе, калі вырашу вярнуцца. Крымінальнай справы няма, але "прыцягнуць за вушы" могуць. Прыехаў бы толькі дзеля родных, але жыць усё роўна хацеў бы ў Польшчы.

Я ў працэсе пацверджання польскіх каранёў, хачу атрымаць грамадзянства. Беларусь — гэта месца, дзе я нарадзіўся. Але Варшава — гэта мой дом цяпер.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.