Суд пакінуў пажыццёвы прысуд забойцу беларускі Лізы
Падчас разгляду апеляцыі / onet.pl
Апеляцыйны суд у Варшаве адхіліў скаргу Дарыяна С., які абскарджваў пажыццёвы прысуд, вынесены сёлета ў студзені.
Малады чалавек быў асуджаны за згвалтаванне і забойства беларускі Лізы ў цэнтры Варшавы. Яго адвакаты патрабавалі новай псіхіятрычнай экспертызы і паўторнага разгляду справы.
На пасяджэнні 28 кастрычніка абарона Дарыяна казала пра несувымернасць злачынства і прысуду. Паводле адваката, не былі ўлічаныя асабістыя абставіны забойцы, яго намеры і лад жыцця да злачынства, адсутнасць судзімасці, а таксама малады ўзрост і выказанае раскаянне. Таксама адвакаты аспрэчвалі высновы экспертаў, якія сцвярджалі, што зламыснік усведамляў свае дзеянні.
Адвакатка пацярпелых у сваім выступе казала, што на ўсе аргументы былі дадзеныя адказы яшчэ падчас суда першай інстанцыі, адзначае "Белсат".
Забойства адбылося ў ноч на 25 лютага 2024 года. Як выявіла следства, 23-гадовы Дарыян С. напаў на беларуску, згвалтаваў яе і спрабаваў задушыць. Дзяўчыну знайшлі толькі зранку і ў крытычным стане шпіталізавалі. Дактары змагаліся за яе жыццё, аднак праз шэсць дзён Ліза памерла.
Нападнік прызнаў віну толькі часткова — у згвалтаванні, але не ў забойстве. На судзе ён падрабязна апісаў, як душыў дзяўчыну і гвалціў ужо непрытомную, пасля згвалтавання забраў яе банкаўскія карткі і тэлефон.