Беларусь цяпер акупаваная краіна — дэпутат Еўрапарламента
Сяргей Лагадзінскі / picture alliance / Geisler-Fotopress
"Тут жа працуюць не сляпыя", — так дэпутат Еўрапарламента ад Германіі Сяргей Лагадзінскі адказаў на пытанне, ці расчараваўся ён у беларускіх дэмсілах за пяць гадоў пасля пратэстаў 2020-га.
"Мы бачым усе жахі рэпрэсій. Бачым, як абыходзяцца з людзьмі, якія да гэтага часу знаходзяцца ў засценках, як выглядаюць тыя, каго выпускаюць з турмаў. Натуральна, ёсць расчараванне, але гэта расчараванне гістарычным працэсам, а не самімі людзьмі. Таму, што мы ведаем пра іх барацьбу, і ўдзячныя за гэта.
Немагчыма расчароўвацца ў тым, што людзі не могуць пераадолець гэтую чалавеканенавісніцкую сістэму. Мы бачым, што ў Расіі сітуацыя яшчэ горшая — там няма такой апазіцыі, як у вас", — заявіў Лагадзінскі ў інтэрв'ю выданню "Зеркало".
Ён адзначыў, што бачыць вялікую розніцу паміж сітуацыяй у Беларусі і Расіі: "З майго пункту гледжання, Беларусь цяпер — акупаваная краіна. Не толькі рэжымам Лукашэнкі, але і Пуціна. Вашыя пратэсты дазваляюць лічыць большасць беларусаў ахвярамі акупацыі, а не тымі, хто падтрымлівае агрэсіўны рэжым".
Напярэдадні Еўрасаюз паведаміў пра вылучэнне чарговага пакета фінансавай дапамогі дэмакратычным сілам Беларусі на 30 мільёнаў еўра.