Мы ў цяперашні момант не плануем скасоўваць санкцыі — еўракамісарка Марта Кос
Марта Кос / AP Photo
Еўрапейскі Саюз працягне падтрымліваць дэмакратычную Беларусь. Пра гэта заявіла еўракамісарка Марта Кос, анансуючы новы пакет дапамогі для беларускага народу.
Адносіны ж з афіцыйным Мінскам па-ранейшаму стаяць на паўзе. ЕС спыніў усе праграмы фінансавання пасля фальсіфікацый выбараў у Беларусі ў 2020 годзе і жорсткага задушэння пратэстаў. Як расказала Кос у гутарцы з беларускімі журналістамі, прадстаўнікі беларускага ўрада нават не імкнуцца да перамоваў пра аднаўленне фінансавання.
"Але калі б паспрабавалі, то адказ быў бы ясным: "Не". Таму што мы не хочам падтрымліваць аўтакратычны рэжым, які саджае ўласных людзей у турму. Мы не падтрымліваем урады, якія не прытрымліваюцца асноўных дэмакратычных правілаў і дзейнічаюць супраць вяршэнства права і еўрапейскіх каштоўнасцей. Але мы падтрымліваем больш арганізацый грамадзянскай супольнасці і медыя. Так што ўлады не атрымаюць ад нас ні еўра, пакуль не стануць дэмакратычнымі. Або пакуль там не з'явіцца новае кіраўніцтва", — перадае выданне "Зеркало" словы еўракамісаркі.
Паводле яе, у цяперашні час Еўрасаюз не плануе браць прыклад з ЗША і змякчаць некаторыя санкцыі, уведзеныя супраць рэжыму Лукашэнкі: "Я думаю, што санкцыі добрыя, таму што такім чынам мы падштурхоўваем афіцыйны Мінск пераасэнсаваць сваё стаўленне і падумаць аб вяртанні на дэмакратычны шлях. Вядома, залежыць ад чальцоў [ЕС], але на гэты момант не было ніякіх зменаў з боку рэжыму Лукашэнкі, і я не бачу магчымасці зняць якія-небудзь санкцыі".
У Кос спыталіся, што яна думае пра ініцыятывы некаторых краін ЕС зраўнаваць санкцыі супраць расіян і беларусаў — візавыя абмежаванні, блакаванне банкаўскіх рахункаў, іншыя меры.
"Гэтае пытанне таксама знаходзіцца ў руках чальцоў Еўрасаюза. Яны вельмі пільна сочаць за развіццём падзей. І мы ўбачым, ці вырашаць яны пайсці на больш жорсткія абмежаванні, чым ёсць цяпер", — адказала яна.
На думку Кос, ЕС павінен "абсекчы ўсе сувязі, каб зрабіць немагчымым жыццё і працу беларускага ўрада і ўсіх тых, хто вас душыць. Але гэта павінны вырашаць члены Еўрасаюза". Але яна прызнала, што для беларусаў, якія жывуць у сваёй краіне ў вельмі цяжкіх умовах, важна мець магчымасць выехаць, і ЕС падтрымлівае гэта.
Журналісты звярнулі ўвагу на ўсё большае збліжэнне афіцыйнага Мінска з Крамлём і спыталіся, ці не вырашыць кіраўніцтва ЕС не выдаткоўваць грошы і намаганні на "расійскі сатэліт". Еўракамісарка рашуча адказала, што ЕС працягне падтрымку беларусаў, медыя, няўрадавых арганізацый і бізнесу за мяжой. Падтрымку атрымае і новы ўрад, калі ён будзе праеўрапейскім, але не цяперашняе кіраўніцтва дзяржавы.
"Год таму, у 2024-м, калі я толькі стала еўракамісарам, тут, у Бруселі, праходзілі Дні Беларусі, у рамках якіх адбыўся вечар беларускай культуры. Ён вельмі моцна мяне ўразіў. Тады я ўпершыню сустрэла Святлану Ціханоўскую. Цяпер успамінаю выступы вашых артыстаў — гэта былі "Вольны хор" і акардэаніст Ягор Забелаў — і ў мяне дагэтуль мурашкі па скуры. Тады я падумала: рэжым ніколі не зможа знішчыць беларусаў, сцерці вашу культуру, яна будзе заўсёды. Так што, нягледзячы на аўтарытарны рэжым, вы вельмі моцныя", — адзначыла Кос.