Бабарыка заявіў, што не можа прызнацца ў злачынстве, якое не здзяйсняў

28 чэрвеня палітвязень Віктар Бабарыка выступіў з апошнім словам. Ён заявіў, што не можа прызнацца ў злачынстве, якое не здзяйсняў, паведамляе ТАСС. І за гады яго працы ў "Белгазпрамбанку" не было дапушчана нават намёку на супрацьпраўныя дзеянні, дадае ria.ru.
"Нягледзячы на тое, што, напэўна, прызнанне ў злачынствах, якія я не здзяйсняў, было б з пункту гледжання матэрыяльных выгод больш правільным, я не магу прызнацца ў злачынствах, якія я не здзяйсняў, — гаварыў Віктар Бабарыка ў судзе. — У рамках нашых зносін [з калегамі ў банку] не было дапушчана ніводнага не тое што супрацьзаконнага дзеяння альбо прымусу, але нават не было дапушчана ніякага намёку на магчымасць здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў".
Па словах Бабарыкі, яму не сорамна перад блізкімі і не сорамна перад работнікамі банка, бо "быў зроблены лепшы банк у краіне". Не сорамна яму і "перад тымі, хто разам сядзіць у клетцы і лічыць яго злачынцам" (гаворка пра топ-менеджараў "Белгазпрамбанка", якіх таксама судзяць). "Што б яны не казалі, я ў гэта дагэтуль не веру, — гаварыў ён. — Я ім нічога не казаў і іх не падманваў".
Экс-кіраўнік "Белгазпрамбанка" абвінавачваецца па трох артыкулах КК: "легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам", "Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў" і "Дача хабару". Пракурор запрасіў для яго 15 гадоў пазбаўлення волі. Сваёй віны Бабарыка не прызнае, ён знаходзіцца за кратамі з чэрвеня мінулага года. Працэс праходзіць з лютага ў судзе Маскоўскага раёна Мінска.
На апошняе слова патрапілі далёка не ўсе жадаючыя. Ім было заяўлена, што "няма месцаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.