Бабарыка хоча, каб у яго ініцыятыўную групу запісалася 150 тысяч чалавек (відэа)
У сацсетках з'явіўся зварот Віктара Бабарыкі з прапановай запісвацца ў яго ініцыятыўную групу. Пра тое, што экс-кіраўнік "Белгазпрамбанка" плануе вылучыцца ў прэзідэнты Беларусі, стала вядома напярэдадні.
Бабарыка хоча сабраць ініцыятыўную групу са 150 тысяч чалавек. Па яго словах, гэта дакладна гарантуе, што ў бюлетэні для галасавання будзе больш за адно прозвішча. Калі ўдасца сабраць 150 тысяч чалавек, то кожнаму з іх будзе дастаткова здаць па адным дадатковым подпісе за вылучэнне Бабарыкі. Гэта таксама вырашыць праблему бяспечнага збору подпісаў ва ўмовах пандэміі каранавіруса.
Калі ж удасца сабраць групу толькі з 5000 чалавек, то кожнаму з іх давядзецца сабраць па 30 подпісаў. Па словах прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду, у тэлефоннай кніжцы кожнага чалавека знойдзецца 30 кантактаў.
Ён дадаў, што пры невялікай ініцыятыйнай групе ў 5000 чалавек кожны зборшчык подпісаў атрымае неабходныя матэрыялы, каб паказаць відэаролік у падтрымку Бабарыкі.
На сёння, па словах экс-банкіра, у яго ініцыятыўную групу ўжо ўвайшлі каля пяцісот чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.