Электрасамакаты сталі прычынай 28 пажараў у Беларусі

Электрасамакат на дарожцы

Электрасамакат на дарожцы / av.by

Са студзеня па лістапад 2025 года электрасамакаты сталі прычынай 28 пажараў, паведамляе МНС. Ратавальнікі нагадваюць, што шырокае распаўсюджванне сучасных сродкаў персанальнай мабільнасці суправаджаецца шэрагам тэхналагічных і эксплуатацыйных рызык, звязаных з бяспекай. Сярод іх — магчымасць перагрэву, узгарання і іншых надзвычайных сітуацый.

"Асноўная рызыка ўзнікнення пажару крыецца ў літый-іённых акумулятарных батарэях, паколькі электраліт, які знаходзіцца ў іх, можа саманагравацца, а сама батарэя ўзгарэцца", — тлумачаць у МНС і просяць уважліва ставіцца да мер бяспекі пры эксплуатацыі электрасамакатаў.

У прыватнасці, не рэкамендуецца пакідаць прылады падлучанымі да электрасеткі ці на зарадцы без нагляду. А яшчэ — старайцеся выкарыстоўваць толькі арыгінальныя зарадныя прылады, якія адпавядаюць тэхнічным характарыстыкам акумулятара.

Памятайце: нельга карыстацца прыладай з прыкметамі ўздуцця батарэі, перагрэву ці пашкоджанні корпуса. Пры з'яўленні паху гару, дыму або моцнага нагрэву сродак перамяшчэння трэба неадкладна адключыць ад зарадкі і спыніць яго выкарыстанне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.