Ашмянскія мытнікі бралі хабар да 3 тысяч долараў
Сталі вядомыя падрабязнасці справы аб карупцыйнай схеме на Ашмянскай мытні.
Памер хабару ў пункце пропуску “Каменны лог” вагаўся ад 250 да 3 000 долараў. За гэтыя грошы супрацоўнікі мытні арганізоўвалі шырокамаштабную схему ўхілення ад уплаты мытных плацяжоў, паведамляе прэс-служба КДБ Беларусі.
Як стала вядома, удзельнікі злачыннай групы за хабар бесперашкодна прапускалі буйныя партыі розных тавараў праз дзяржаўную мяжу ў пункце “Каменны лог”. Пры гэтым адзін з удзельнікаў групы прыкрываў дзеянні сваіх саўдзельнікаў і перадаваў ім звесткі пра запланаваныя праверкі з Дзяржаўнага мытнага камітэту. За гэтыя паслугі яму штомесяц плацілі 1 тысячу долараў.
Па месцы жыхарства фігурантаў справы знайшлі 2,2 мільёна долараў. Арыштаваная іх маёмасць. Следства цяпер выяўляе і дакументуе іншыя эпізоды незаконнай дзейнасці падазраваных. На сёння затрымана і змешчана пад варту 19 чалавек, на якіх заведзена 5 крымінальных справаў.