Антысанітарыя, пажарная небяспека — афіцыйная версія закрыцця бара "Тяни-Толкай"
Бар "Тяни-Толкай" / старонка Паўла Клышэўскага на Фэйсбуку
Бар "Тяни-Толкай" у Мінску зачынілі праз антысанітарыю, высокую пажарную небяспеку і нежаданне ўласніка выпраўляць недахопы. Такую афіцыйную версію падае інфармацыйнае агенцтва "Мінск-Навіны".
Паведамляецца, што ў бар прыйшла праверка з раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і санстанцыі. У прыватнасці ратавальнікі выявілі, што ў бары няма плана эвакуацыі людзей пры пажары, няма вогнетушыцеля, няма другога эвакуацыйнага выйсця. Таму дзейнасць установы, маўляў, прыпынілі.
"Гэта звычайная практыка: калі ёсць парушэнні, паводле прадпісання, дзейнасць суб'екта гаспадарання прыпыняецца. Выправіў усё і — на здароўе, працуй далей. Падобна на тое, што ўладальнік бара ці не захацеў ліквідаваць выяўленыя парушэнні, ці не змог гэтага зрабіць, таму прыняў пастанову аб закрыцці аб'екта", — кажуць чыноўнікі ў адміністрацыі.
Бар "Тяни-Толкай" паспеў папрацаваць толькі чатыры дні. Адкрыў яго саліст аднайменнага гурта Павел Клышэўскі на месцы былога піўнога бара "Конь".
Канал сілавікоў напісаў, быцам бар замовіў рэкламу на "экстрэмісцкім" рэсурсе.