Англіканскую царкву ўпершыню ў гісторыі ўзначаліла жанчына

Сара Мулалі / BBC
63-гадовая Сара Мулалі заняла пасад арцыбіскупа Кентэрберыйскага. Такім чынам, англіканскую царкву ўпершыню ў гісторыі ўзначаліла жанчына. Яна лічыць сябе феміністкай і выступае за правы ЛГБТ.
У 2017 годзе Мулалі стала першай жанчынай-біскупам Лондана. Сваю святарскую кар'еру яна пачала ў 2001-м, а да таго была медсястрой.
Пасля пасвячэння, як паведамляе Бі-Бі-Сі, Мулалі займала пасады ў брытанскім Міністэрстве аховы здароўя і ўваходзіла ў апякунскую раду ўніверсітэта King's College London.
У Англіканскай царкве ўпершыню дазволілі высвячацца жанчынам у святары ў 1994 годзе. Першыя прызначэнні жанчын-біскупаў адбыліся яшчэ праз 20 гадоў, у 2014-м.
Папярэдні арцыбіскуп Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі сышоў у адстаўку год таму. Гэта адбылося пасля скандалу ў сувязі са справай юрыста Джона Смайта. Яго абвінавацілі ва ўжыванні цялесных пакаранняў да хлопчыкаў у хрысціянскіх лагерах у 1970-1980 гады. Англіканскую царкву абвінавацілі ў бяздзейнасці ў гэтым выпадку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.