Адзін з адыёзных начальнікаў бабруйскай калоніі пераехаў у Германію — СМІ

Дзмітрый Шынвізэ / база "Пашпарт", BelPOL
У Германію пераехаў жыць былы начальнік аператыўна-рэжымнай часці бабруйскай калоніі №2 Дзмітрый Рудольфавіч Шынвізэ. Там ён носіць імя Dimitri Schönwiese, піша "Наша Ніва".
Паводле інфармацыі выдання, Шынвізэ з сям'ёй жыве ў Шверыне ў Заходняй Памераніі.
Журналісты пагаварылі з вязнямі: яны кажуць, што Шынвізэ праславіўся жорсткім абыходжаннем са зняволенымі, у тым ліку палітычнымі. Па словах былых зняволеных, ён сістэматычна прыніжаў людзей, прыдумляў падставы, каб адправіць вязняў у ШІЗА, і атрымліваў задавальненне ад здзекаў.
Экс-палітвязень Вадзім Ермашук даў паказанні па Шынвізэ Камітэту па катаваннях ААН. Ён згадвае, як узімку захварэў, павязаў шалік на шыю і ў такім выглядзе ішоў у сталоўку. Шынвізэ (які меў мянушку "Рудольф") яго заўважыў і пачаў абражаць.
"І потым Рудольф бярэ адзін канец шаліка, дае свайму напарніку другі канец (не памятаю, як яго клікалі). А трэці стаіць і назірае, як яны пачынаюць мяне душыць, расцягваючы шалік у два бакі. І рагочуць, маўляў, ты павесіцца захацеў, калі так шалік заматаў. А я паветра не паспеў набраць, і пачаў неяк спрабаваць супраціўляцца рукамі, таму што ўжо задыхаўся. Так секунд 40, можа, працягвалася", — згадваў Ермашук.
Яшчэ адзін палітвязень, да якога звярнуліся аўтары "Нашай Нівы", ахарактарызаваў Шынвізэ як "кончанага садыста". Мужчына кажа, што Шынвізэ падабалася здзекавацца з вязняў.
На пачатку 2024 года Шынвізэ раптоўна знік. Пазней выявілася, што ён перабраўся ў Германію разам з сям'ёй — верагодна, па праграме рэпатрыяцыі нашчадкаў нямецкіх каланістаў.
Знайсці яго журналісты змаглі праз жонку. Былая загадчыца бабруйскай фірмовай крамы дзяржынскай швейнай фабрыкі "Эліз" напісала ў сацсетках, што цяпер жыве ў Шверыне. Таксама яна памяняла напісанне прозвішча — Marina Schönwiese.
Рэпатрыявацца ў Германію нашчадкі нямецкіх каланістаў могуць цалкам легальна і па спрошчанай праграме. Калі яны дакажуць нямецкае паходжанне і сувязі з нямецкай культурай, то атрымліваюць асаблівую візу Spätaussiedler, а пасля пераезду ў Германію — адразу пашпарт, без патрабавання па часе пражывання на тэрыторыі краіны.
Аднак пры атрыманні грамадзянства ці хаця б прытулку ў Германіі Дзмітрый Шынвізэ павінен быў пісьмова засведчыць, што ніколі не ўдзельнічаў у катаваннях і не здзяйсняў злачынстваў супраць чалавечнасці, адзначае "Наша Ніва".
Прадстаўнік арганізацыі BelPOL Уладзімір Жыгар у каментары выданню заявіў, што яны паінфармавалі ўжо пра гэтую сітуацыю сваіх нямецкіх партнёраў.
"Таксама мы знаходзімся на пастаянным кантакце з іншымі дэмакратычнымі інстытутамі, каб справядлівасць перамагла і Шынвізэ быў прыцягнуты да вызначанай законам адказнасці. У тым ліку мы будзем удакладняць, ці паказаў Шынвізэ пры атрыманні грамадзянства Германіі такія факты сваёй біяграфіі", — заявіў Жыгар.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.