Адваката Данілевіча вінавацяць у юрыдычнай дапамозе страйкаму "Беларуськалія"

Аляксандр Данілевіч / jurcatalog.by
Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы супраць адваката Аляксандра Данілевіча. Матэрыялы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.
"Нягледзячы на наяўнасць вышэйшай юрыдычнай адукацыі і практыкі ў прававой сферы, адвакат вырашыў аказаць падтрымку экстрэмістам і прыхільнікам прававога нігілізму", — паведамляе прэс-служба СК. Данілевіча вінавацяць у закліках да міжнародных санкцый.
У віну яму ставіцца супраца з Аляксандрай Герасіменяй і Аляксандрам Апейкіным — заснавальнікамі Беларускага фонду спартовай салідарнасці. "Сваімі дзеяннямі ён спрабаваў палітызаваць спорт у Беларусі, перашкодзіць беларускім спартоўцам удзельнічаць у міжнародных першынствах", — заяўляюць у СК.
Акрамя таго Данілевіч аказваў юрыдычную дапамогу страйкаму "Беларуськалію". У прыватнасці дапамагаў складаць дакументы на адрас нарвежскай кампаніі "Yara", якая была найбуйнейшым кліентам беларускага вытворцы. "У сваіх "лістах" ён выказаў заведама ілжывыя звесткі аб палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі ў Беларусі", — кіпіць гневам СК.
Таксама Данілевічу ставяць у віну каментары для "экстрэмісцкіх рэсурсаў" у сакавіку 2022 года.
Яму выставілі абвінавачанні па ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 КК (дапамаганне ў закліках да мер абмежавальнага характару (санкцый)), ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Як распавядала Еўрарадыё, у красавіку 2022 года Данілевіча звольнілі з факультэта міжнародных адносін БДУ, дзе ён адпрацаваў 20 гадоў. Затрымалі адваката ў траўні. З таго часу ён знаходзіцца пад вартай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.