Адпраўленыя "на бульбу" міліцыянты кралі ў калгасе салярку

Як піша інтэрнэт-выданне "Ежедневник", справу пачалі па матэрыялах Галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС. Як выявілася, сёлета ў жніўні інспектар ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама ў званні капітана і кіроўца аўтагаспадаркі МУС былі адкамандзіраваныя ў ААТ "Купала-Агра" ў вёсцы Гранічы Маладзечанскага раёна. Адзін павінен быў дапамагаць у бітве за ўраджай у якасці трактарыста, а другі — у якасці кіроўцы. Аднак апроч працы ў поле міліцыянты перыядычна злівалі з тэхнікі дызельнае паліва для сваіх асабістых мэтаў. Паводле падлікаў гаспадаркі, за тры месяцы адпраўленыя "на бульбу" міліцыянты злілі паліва на 4 мільёны рублёў. Гэта каля 500 літраў, ці па 250 на кожнага.



Цяпер іх вінавацяць у прысваенні ці растраце, учыненай групай асобаў па папярэдняй змове. Міліцыянтам пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.



Дарэчы, у лістападзе супрацоўнікі МУС былі звольненыя са службы за парушэнне ўмоваў кантракту. Цяпер ідзе расследаванне.



Фота — БЕЛТА