Ад якога “сацыяльнага свята” не хочуць адмаўляцца грэкі

На нядзельным рэферэндуме грэкі прагаласавалі супраць выканання патрабаванняў міжнародных крэдытораў, сярод якіх павышэнне пенсійнага ўзросту і памяншэнне заробкаў. Грэкі радуюцца, што здолелі даць адпор Еўрасаюзу і захаваць свае выгоды. Ад чаго ж так не хочуць адмаўляцца жыхары Элады?

Дэфіцыт бюджэту

Незалежны фінансавы аналітык Зміцер Тратас кажа, што Грэцыя прыйшла да цяперашняй складанай фінансавай сітуацыі перш за ўсё праз высокі дэфіцыт бюджэту. Ён з 2000 года не змяніўся і трымаецца на ўзроўні 12%. І нават для таго, каб патрапіць у зону еўра, Афінам давялося падрабіць статыстыку. Бо ў краінах еўра дэфіцыт можа быць не вышэйшы за 5% ад ВУП.

Зміцер Тратас

Рост эканомікі краіны адбываўся высокімі тэмпамі, нават хутчэй, чым у Германіі. З 2000 па 2010 гады ВУП Грэцыі вырас у два разы, (для параўнання, нямецкі — толькі ў 1,5 раза). І Афінам трэба было проста пакінуць выдаткі бюджэту на тым жа ўзроўні. Але яны павялічвалі іх нават хутчэй, чым рос ВУП. Як частка еўразоны, Грэцыя мела выхад на шырокі крэдытны рынак, чым і карысталася. Так адбывалася, бо сярод крэдытораў лічылася, што за спіной любой краіны еўразоны стаіць уся магутнасць Еўрапейскага цэнтральнага банка.

13-я і 14-я зарплаты

Па словах фінансавага аналітыка, тыя крэдыты, якія набірала краіна, ішлі не на развіццё эканомікі, а на паляпшэнне сацыялкі. То бок, на павелічэнне пенсій, на зніжэнне пенсійнага ўзросту, на стварэнне дадатковых працоўных месцаў у дзяржапараце.

У 2010 годзе пенсійны каэфіцыент замяшчэння (доля, якую пенсія складае ад зарплаты) у Грэцыі складаў 0,88. Гэта самы высокі паказчык сярод ўсіх краін еўразоны. У Германіі, Вялікабрытаніі і ЗША, ён знаходзіцца на ўзроўні 0,5. У Беларусі — каля 0,4, у Расіі — 0,38.

Яшчэ на пачатку года сярэдняя пенсія ў Грэцыі была каля 540 еўра. А доля пенсіянераў складала 35%. Пры гэтым беспрацоўе было на ўзроўні 26%.

У пераддэфолтнай Грэцыі сярэдняя пенсія больш беларускай у тры разы

Да таго ж, з 2000 года Грэцыя паніжала пенсійны ўзрост (цяпер ён складае 58-67 гадоў). І паступова павялічвала даходы чыноўнікаў.

“Чыноўнікі, акрамя сваіх высокіх заробкаў, якія раслі не адпавядаючы росту ВУП, атрымлівалі, напрыклад, 13-ы заробак на Новы год, 14-ы да адпачынку. Паніжаўся і пенсійны ўзрост. У чыноўнікаў быў цэлы шэраг ільготных паніжаючых каэфіцыентаў, дзякуючы якім, яны маглі выйсці раней за пенсійны ўзрост. Напрыклад, жанчына-чыноўнік з 2 дзецьмі магла выйсці на пенсію ледзь не ў 40 гадоў”, — дадае аналітык.

Такім чынам, з 2000 года ў краіне было своеасаблівае сацыяльнае свята. Грэкі “піравалі” на грошы крэдытораў, Еўрасаюза, еўразоны і МВФ.

Фота: joy.ua, news2go.ru, mail.thekonst.net