Ацяпленне ў Мінску пачнуць уключаць паслязаўтра?

Паводле нормаў, батарэі пачынаюць цяплець, калі сярэдняя тэмпература паветра пяць дзён трымаецца на ўзроўні +8 градусаў або ніжэй. Для школ, дзіцячых садкоў, медыцынскіх ды іншых сацыяльных устаноў гэты паказчык роўны +10.

“Чаканыя пятыя суткі для жыхароў кватэр наступяць у нядзелю. А калі браць сацыяльныя аб’екты, то сёння ідзе чацвёрты дзень з сярэднесуткавай тэмпературай ніжэй за +10. І пацяплення вышэй гэтай адзнакі не чакаецца да 5 кастрычніка”, — паведаміла “Нашай ніве” галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметцэнтра Людміла Парашчук.

Калі сярэднесутачная тэмпература апусціцца ніжэй за норму, пачнуцца ўключэнні ацяплення. Спачатку на аб'ектах першай чаргі — сацыяльных, пасля ў кватэрах, а пасля і на астатніх аб’ектах. Аб’екты будуць падключацца па 20% за дзень, то бок, цягам пяці дзён пасля пачатку ацяпляльнага сезона ўсе батарэі пацяплеюць.

Нагадаем, раней паведамлялася, што ацяпленне пачнуць уключаць не раней за 14 кастрычніка.

Фота: xxivek.com.ua.