Абмяркоўваецца павелічэнне колькасці амерыканскіх дыпламатаў у РБ — Вячорка

На сустрэчы Лукашэнкі з Кітам Келагам

На сустрэчы Лукашэнкі з Кітам Келагам / прэс-служба Лукашэнкі

ЗША і рэжым Лукашэнкі вядуць перамовы аб "размарозцы" адносінаў, але вяртанне амбасадараў наўрад ці абмяркоўваецца. Пра гэта старшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка сказаў у інтэрв'ю парталу LRT.lt, каментуючы нядаўні візіт спецпасланніка прэзідэнта ЗША ў Мінск і вызваленне 14 вязняў.

"Абмяркоўваецца павелічэнне колькасці амерыканскіх дыпламатаў у Менску, але не на ўзроўні амбасадараў",заявіў Вячорка. Вяртанне амбасадара ЗША ў Мінск, дадае ён, азначала б прызнанне рэжыму Лукашэнкі.

Разам з тым ён адзначае, што візіт Кіта Келага ў Беларусь можна лічыць поспехам рэжыму: "За вызваленне Сяргея Ціханоўскага ды іншых Лукашэнка ўжо атрымаў многае — фота з генералам Келагам. Гэта велізарная перамога для яго, бо раней ён быў у ізаляцыі".

Вячорка ўпэўнены, што ЗША падтрымаюць ранейшую санкцыйную палітыку ціску на рэжым Лукашэнкі: "Магчыма, мы чагосьці і не ведаем, але ў цэлым прадстаўнікі Дзяржаўнага дэпартамента ЗША каардынуюцца з Еўрапейскай камісіяй і міністрамі замежных спраў краін Еўрапейскага Саюза, а таксама з дэмакратычнымі сіламі. Мы, па сутнасці, кантактуем кожны тыдзень. У нас няма прычын не давяраць, і я дакладна не думаю, што мы знаходзімся ў такой сітуацыі, каб казаць пра магчымую адмену або змякчэнне санкцый".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.