Вырвана з кантэксту — Келаг пракаментаваў заяву Лукашэнкі

Сустрэча Келага і Лукашэнкі

Сустрэча Келага і Лукашэнкі / прэс-служба Лукашэнкі

Спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Украіне Кіт Келаг заявіў, што яго словы ў гутарцы з Аляксандрам Лукашэнкам вырваныя з кантэксту. Так ён адкаментаваў выступ Лукашэнкі на ўрачыстым сходзе 1 ліпеня.

"Гэтая цытата вырваная з кантэксту. Падчас маёй размовы з Лукашэнкам мы абмяркоўвалі поўнае і безумоўнае спыненне агню. Любыя абмежаванні ў дзеяннях Кіева меркаваліся толькі пры наяўнасці крокаў у адказ Масквы. Я ні ў які момант не выказваўся пра дзеянні Украіны ў вайне інакш як у кантэксце поўнага спынення агню", — напісаў Келаг у сваім акаўнце ў сацсетцы X. Да публікацыі ён дадаў артыкул з загалоўкам "Келаг паабяцаў Лукашэнку "папрацаваць" над тым, каб УСУ не білі па РФ".

У сваім выступе напярэдадні Лукашэнка заявіў, што ў гутарцы з Келагам абмяркоўваў магчымае перамір'е ва Украіне. Лукашэнка сказаў, што давёў да амерыканскага прадстаўніка пазіцыю Уладзіміра Пуціна — перамір'е ў паветры пры ўмове, што Украіна перастане наносіць удары па Расіі. Паводле Лукашэнкі, Келаг нібыта абяцаў "папрацаваць у гэтым кірунку".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.