53-гадовая мінчанка загінула ад рукі інтэрнэт-кавалера

53-гадовая жанчына стала ахвярай віртуальнага кавалера, якога знайшла на адным з расійскіх сайтаў знаёмстваў. Яна запрасіла яго ў госці, не падазраючы, што такая прыгода скончыцца для яе трагічна.

Труп жанчыны з прабітай галавой знайшла кватарантка, якая здымала пакой у яе кватэры па вуліцы Сухараўскай. Дзяўчына выклікала міліцыю, якая занялася расследаваннем справы. Высветлілася, што невядомы зламыснік не толькі забіў гаспадыню, але і вынес з кватэры 200 еўра, 200 долараў, 2 ноўтбукі і залатыя ювелірныя ўпрыгожанні.

Расследаванне справы паказала, што напярэдадні пацярпелая пазнаёмілася на адным з расійскіх сайтаў знаёмстваў з маладым чалавекам. Кавалер назваўся чужым іменем, аднак беларускія міліцыянты пры дапамозе расійскіх праваахоўнікаў высветлілі яго месцазнаходжанне цягам сутак.

Падазраванага ў забойстве 37-гадовага мінчаніна затрымалі ў кватэры яго грамадзянскай жонкі. Там былі знойдзеныя і рэчы, якія ён скраў.

Затрыманы нідзе не працуе, раней меў судзімасць за рабаванне, разбой, асабліва злоснае хуліганства, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.