5 лістапада ў Беларусі ўстаноўлены новыя тэмпературныя рэкорды
На Брэстчыне ўчора было плюс 19 градусаў.
Тэмпературныя рэкорды былі зафіксаваныя ў сераду, 5 лістапада, на большасці станцый Брэсцкай вобласці, інфармуюць беларускія сіноптыкі. Максімальная тэмпература паветра — 19 градусаў цяпла — была адзначаная на метэастанцыі "Палеская". Папярэдні максімум там трымаўся з 1996 года — 16,1 градус цяпла.
У Рэспубліканскім гідраметэацэнтры адзначаюць, што і 6 лістапада ў Беларусі захоўваецца цёплае надвор'е, таму можна чакаць новых рэкордаў.
БЕЛТА нагадвае, што абсалютны максімум тэмпературы паветра ў лістападзе ў Беларусі быў зафіксаваны 1 лістапада 1926 года — на метэастанцыі "Мазыр" — 24,1 градуса цяпла.
У першы тыдзень лістапада ў Беларусі захоўваецца цёплае не па сезоне надвор'е. Да пятніцы, 7 лістапада, ападкаў практычна не будзе, кароткачасовыя дажджы магчымыя ў чацвер месцамі ў Брэсцкай вобласці. У пятніцу надвор'е пагоршыцца — пачнуцца дажджы.
Фота — bymedia.net