24-25 кастрычніка ў Мінску абмяжуюць рух транспарту па праспектах і МКАД
ДАІ просіць кіроўцаў, па магчымасці, адмовіцца ад выкарыстання асабістага транспарту ў гэтыя даты. Абмежаванні звязаныя з самітам СНД.
24 кастрычніка ў Мінску праходзіць эканамічны форум Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, а 25 кастрычніка — Савет кіраўнікоў дзяржаў СНД. У сталіцу Беларусі з’едуцца прэзідэнты і іншыя высокія чыноўнікі з Расіі, Казахстана, Арменіі і Кіргізіі. Прыедзе і прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч. Каб госці не стаялі ў заторах, ДАІ ўводзіць на праспектах Незалежнасці і Пераможцаў, вуліцы Арлоўскай і Мінскай кальцавой аўтадарозе часовыя абмежаванні руху транспарту.
“Сталічная Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе кіроўцам ўлічваць дадзеную інфармацыю і выключыць гэтыя ўчасткі вулічнай транспартнай сеткі са сваіх маршрутаў, а таксама, па магчымасці, адмовіцца ад выкарыстання асабістага транспарту 24 і 25 кастрычніка”, — цытуе AUTO.TUT.BY рэкамендацыі кіраўніцы прэс-службы мінскага ДАІ Таццяны Харлінскай.
У бліжэйшыя дні ДАІ будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. Увесь асабісты склад будзе забяспечваць бяспеку дарожнага руху на ключавых магістралях і скрыжаваннях Мінска.
Фота: ByMedia.net.