2 снежня Лукашэнка паляціць з афіцыйным візітам у Сербію

2-3 снежня Аляксандр Лукашэнка наведае Сербію з афіцыйным візітам, перадае БЕЛТА.
У Бялградзе беларускі кіраўнік правядзе перамовы з прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам. Яны абмяркуюць палітычны дыялог і эканамічнае ўзаемадзеянне паміж краінамі. Па выніках перамоваў будзе падпісаны пакет двухбаковых дакументаў.
Акрамя таго ў Лукашэнкі запланаваная сустрэча са старшынёй Народнай скупшчыны Сербіі Маяй Гойкавіч і дэпутатамі вышэйшага заканадаўчага і канстытуцыйнага органа краіны.
У гэтыя ж дні ў Бялградзе пройдзе беларуска-сербскі бізнэс-форум.
Апошні раз кіраўнікі Беларусі і Сербіі сустракаліся сёлета ў чэрвені: Аляксандр Вучыч прылятаў у Мінск на II Еўрапейскія гульні.
У Беларусі актыўна дзейнічае сербская кампанія "Дана Холдынг", якая належыць братам Карычам. Іх называюць сябрамі Лукашэнкі. Сербская кампанія нават рэкламуецца ў навінавых выпусках на тэлевізіі.
Агулам у нашай краіне зарэгістравана сем арганізацый з удзелам сербскага капіталу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.