З'явіўся агляд парушэння моўных правоў у Беларусі

У Беларусі беларуская мова падаўляецца і пераследуецца самой дзяржавай / @zlobezumie/Х
З'явіўся агляд парушэння моўных правоў у Беларусі. У ім разглядаецца сітуацыя з 1 ліпеня да 31 снежня 2024 года.
За станам беларускай мовы ў нашай краіне ўважліва сочыць асацыяцыя "Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў". З адкрытых крыніц збіраецца кожны выпадак дыскрымінацыі мовы і яе носьбітаў для наступнай абароны.
"У свеце ёсць краіны, якія згубілі сваю мову праз войны ці каланізацыю, — пішуць аўтары агляду. — У Беларусі сітуацыя "ўнікальная" тым, што беларуская мова — адзін з ключавых элементаў нацыянальнай ідэнтычнасці — падаўляецца і пераследуецца самой дзяржавай. Пачынаючы ад 2020 года беларуская мова ў краіне стала маркерам нелаяльнасці да рэжыму, праяўленнем палітычнай нязгоды".
У агляд трапілі факты актыўнасці прарасійскіх актывістаў у Беларусі, заявы чыноўнікаў, скаргі беларусаў, прызнанне шэрагу беларускіх кніг "эстрэмісцкімі". У яго ўключылі і выпадак, калі кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой паведаміў, што 2025-ты можа быць аб'яўлены Годам беларускай мовы. Але ў выніку Аляксандр Лукашэнка назваў яго "Годам добраўпарадкавання Беларусі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.