Зяленскі пацвердзіў поспехі УСУ ў Харкаўскай вобласці — 197-я раніца вайны
УСУ, паводле ацэнак амерыканскіх экспертаў, маюць поспехі ў Харкаўскай і Херсонскай абласцях / facebook.com/GeneralStaff.ua
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пацвердзіў, што ва УСУ ў Харкаўскай вобласці ёсць поспехі. Аб гэтым ён сярод іншага гаварыў у традыцыйным відаэзвароце. Але якія населеныя пункты вызваленыя, так і не сказаў — кажа, пакуль рана.
Паводле ацэнак амерыканскага Інстытута вывучэння вайны, украінскія вайскоўцы змаглі "7 верасня прасунуцца прынамсі на 20 км" ва ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці. Пра поспехі ўкраінцаў учора пісалі і расійскія ваенкоры — іх турбавала, што УСУ атакуе наземныя лініі сувязі з тылавымі раёнамі ў Купянску і Ізюме. Калі яны будуць перарэзаныя, то расійскія групоўкі апынуцца ў акружэнні.
Расійскія блогеры "выкарыстоўвалі ў асноўным панічныя і маркотныя тоны", а "узровень шоку і адкрытага абмеркавання ўкраінскіх поспехаў расійскімі ваеннымі блогерамі кажа пра маштаб раптоўнасці, дасягнутай украінскімі войскамі, што, верагодна, паспяхова дэмаралізуе расійскія сілы", адзначаюць эксперты Інстытута.
Адначасова ўкраінскія сілы працягвалі наносіць удары па расійскіхлагістычных вузлах, вялікай колькасці жывой сілы і тэхнікі, транспартных сетках, камандных і кантрольных пунктах у Херсонскай вобласці. Тут у УСУ таксама ёсць поспехі, лічаць у Інстытуце. Мяркуючы па кадрах з геолакацыяй украінскія войскі прасунуліся ў Высакаполле і Новавазнясенскае — абодва населеныя пункты знаходзяцца ў межах 5 км ад мяжы Херсонскай-Днепрапятроўскай вобласці. Больш за тое, расійскія крыніцы, у тым ліку Міністэрства абароны Расіі, ненаўмысна пацвердзілі гэтыя поспехі украінцаў.
"Міністэрства абароны Расіі заявіла, што расійскія ўдары былі накіраваныя на засяроджванне ўкраінскіх сіл у Белагорцы, Сухой Стаўцы і Андрэеўцы, што паказвае на тое, што ўкраінскія войскі ўтрымліваюць пазіцыі на поўдні ад ракі Інгулец", гаворыцца ў справаздачы Інстытута.
У Генштабе УСУ пра поспехі пакуль маўчаць. У свежай зводцы гаворыцца, што праціўнік засяроджаны "на захопе ўсёй Данецкай вобласці", а таксама ўтрыманні акупаваных тэрыторый, праводзіць разведку беспілотнікамі і прымае меры для паляпшэння лагістычнага забеспячэння. Яшчэ гаворыцца аб тым, што на працягу 7 верасня расіяне нанеслі больш за 10 ракетных і 22 авіяўдары па аб'ектах ва Украіне.
Ноччу зноў пад абстрэлам быў Харкаў. Ракеты патрапілі ў аб'ект, "крытычна важны для нармальнага жыццезабеспячэння горада", і ў адно з прадпрыемстваў, распавёў мэр Харкава Ігар Церахаў. Інфармацыі аб пацярпелых пакуль няма.
Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласці гэтай ноччу абстрэльвалі чатыры разы — з "Градаў" і цяжкай артылерыі. Марганецкую грамаду — тройчы. "У Нікапале пашкоджаныя 11 прыватных дамоў і гаспадарчыя пабудовы каля іх, некалькі панэляў сонечнай электрастанцыі, мясцовая гімназія. Абарваная лінія электраперадач. Электрыкі ўжо чыняць", — піша кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка.
Без святла сядзіць і прымежны расійскі Белгарад, а таксама частка пасёлкаў ў Белгарадскім раёне. Расійскія СМІ пішуць, што прычынай стала аварыя на падстанцыі, украінскія — што аварыі папярэднічаў "хлапок".
Напярэдадні выбух прагрымеў у акупаваным Мелітопалі Запарожскай вобласці. Тут ўзарвалі штаб "Адзінай Расіі". Пра інцыдэнт распавёў мэр Мелітопаля Іван Фёдараў. Як паведамляюць СМІ, гэты штаб займаўся падрыхтоўкай да "рэферэндуму" аб далучэнні да Расіі. А сёння раніцай аб абстрэле і пажары пішуць данецкія паблікі. Паведамляюць, што адзін чалавек атрымаў раненне.
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі абверг заяву кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна аб тым, што амаль усе ўкраінскае збожжа ідзе ў краіны ЕС. Па словах Зяленскага, са 102 судоў з украінскім збожжам 70 адправіліся ў Азію і Афрыку. Пра гэта ўкраінскі прэзідэнт казаў у вячэрнім відэазвароце.
Па яго словах, 54 судна са збожжам былі накіраваныя ў Азію, 16 — у Афрыку. Толькі 32 караблі адправіліся ў Еўропу, але і ў гэтым выпадку частка збожжа будзе перанакіраваная ў азіяцкія і афрыканскія краіны. Пуцін учора казаў, што з 80 караблёў са збожжам толькі два прызначаліся для краін, якия развиваюцца.