Звольнілі выкладчыка мінскага каледжа, якога былы вучань вінаваціў у дамаганнях

Анатоль Карповіч / МДКМ
Педагога і балетмайстра Анатоля Карповіча звольнілі з Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Пра гэта паведаміў дырэктар каледжа, куды журналістка выдання "Зеркало" звярнулася як прыватная асоба.
Ранейбылы навучэнец каледжа абвінаваціў Карповіча ў сексуальных дамаганнях і паведаміў, што гэта не адзінкавы выпадак.
Журналістка затэлефанавала як занепакоеная мама абітурыенткі і пацікавілася: ці працягне Анатоль Карповіч выкладаць студэнтам? "Карповіч у нас не будзе працаваць. Ён ужо звольнены", — адказаў дырэктар навучальнай установы Юрый Лейка.
Ён не назваў прычыну звальнення, заявіўшы, што "скончыліся працоўныя адносіны". Дырэктар заявіў, што асноўным месцам працы Карповіча быў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, да якога адносіцца ансамбль "Белая Русь". А ў каледжы ён працаваў як сумяшчальнік. Цяпер супрацу вырашылі не працягваць.
Як расказвала Еўрарадыё, былы навучэнец каледжа Арцём Каўрыга апублікаваў у інстаграме ролік, у якім расказваў пра сексуальныя дамаганні з боку выкладчыка. Паводле яго, гэта адбылося ў 2009-м, калі хлопцу было 15 гадоў. Хлопец прызнаўся журналістам, што іх інтымныя адносіны з выкладчыкам працягваліся каля года — пакуль малады чалавек не пакінуў каледж, абарваўшы сувязь.
Анатолю Карповічу 62 гады. У раздзеле выдатных выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў ён пазначаны як педагог, балетмайстар, уладальнік медаля Францыска Скарыны і Ганаровага знака "Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь". Карповіч кіруе ансамблем народнага танца "Белая Русь", які мае званне заслужанага аматарскага калектыву.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.