Жывёл менш, людзей няма: чаму дэградуе сельская гаспадарка?

Што адбываецца з сельскай гаспадаркай у Беларусі / pixabay.com
За апошнія некалькі гадоў у Беларусі моцна скарацілася пагалоўе жывёлы. Напрыклад, свіней стала менш на 13%, а трусоў і зусім на 31%. Скарачаецца колькасць і іншых хатніх жывёл.
Чаму так адбываецца і як ідуць справы з беларускай сельскай гаспадаркай? Еўрарадыё спытала ў эксперта Мікалая Лысянкова.
Чаму зніжаецца пагалоўе жывёлы?
Адна з прычын, хоць і не галоўная, па якой магло скараціцца пагалоўе жывёлы, — гэта закрыццё дробных прыватных ферм на працягу апошніх 10 гадоў. Эксперт адзначае, што гэта моцна ўдарыла па прыватным прадпрымальніцтве, але на вытворчасці мяса гэта наўрад ці адбілася.
Па-другое, Лысянкоў кажа, што рэальную колькасць жывёлы вызначыць складана, паколькі не зусім зразумела, хто і як займаецца падлікамі.
— Колькі тых жа трусоў, напрыклад, у сельскіх жыхароў? Хто іх лічыць? Сельсаветы? Ці колькі ў нас бульбы вырашчана на асабістых падворках? Прадстаўнік сельсавета прыязджаў, пытаўся, колькі вы выгадавалі бульбы? Не, гэта проста адчуванні. Так, у яго, дапусцім, ёсць план павялічыць ураджай бульбы на 50% у наступным годзе. Але ён нават не будзе хадзіць і глядзець — проста напіша, што вырасцілі больш і ўсё.


— Паказчыкі па экспартнай выручцы трэба абавязкова даваць. Але цяпер праз санкцыі гэта ўсё вельмі моцна скурчылася і сцягнулася. Выручкі не хапае, а значыць, трэба яе неяк папаўняць. Сельская гаспадарка традыцыйна давала ад 5 мільярдаў долараў у год. Цяпер нават гэтага недастаткова, таму мы бульбу тую ж прадавалі расіянам. Чаму прадавалі расіянам? Таму што ў Расіі яна ў 3 разы даражэйшая.
Расіяне могуць сабе дазволіць бульбу купляць у 3 разы даражэй, а беларусы — не. Мы — самая бедная краіна ў рэгіёне. У нас няма ні аднаго суседа бяднейшага за нас.
Такая ж сітуацыя можа здарыцца і з мясам. Калі ўраду патрэбныя грошы, то мяса-малочную прадукцыю проста вывезуць і прададуць за долары.
А ўсё роўна потым беларусы застануцца вінаватымі.
Якія ёсць выхады?
Любое зніжэнне — гэта рэгрэсія, гэта не прагрэс. Аднак Лысянкаў не лічыць, што сітуацыя крытычная.
— Вядома ж, лепш больш вырошчваць, больш прадаваць і больш зарабляць на гэтым. Пакуль гэта не катастрофа.
Тыя ж калгасы, якія былі ўтвораны 100 гадоў таму, калгасамі і засталіся. Нічога не памянялася.
Як бы там шыльды ні мянялі, СВК, ААТ ... Гэта ўсё роўна тыя ж самыя калгасы. І эфектыўнасць у іх засталася тая ж самая.
Асноўны крытэр адбору кадраў цяпер — гэта не прафесійныя якасці, а асабістыя. Гэта значыць, калі вы круты спецыяліст, але галасавалі за іншага кандыдата ў 20-м годзе, то наўрад ці вы чагосьці даможацеся.

Эксперт кажа — каб павысіць эфектыўнасць беларускай сельскай гаспадаркі ў цэлым, неабходна даць фермерам свабоду і адмовіцца ад калгасаў.
— Кіраўнікі калгасу думаюць, як бы іх не пасадзілі. Яны не думаюць, як больш вырасціць бульбы ці мяса. А фермер зацікаўлены зарабіць, каб гэтыя грошы пусціць у развіццё свайго прадпрыемства, каб у наступным годзе яшчэ больш зарабіць. У Беларусі ў сельскай гаспадарцы няма такой матывацыі. Сцяг падымуць, грамату дадуць — вось і ўся матывацыя.
Калі будзе фермер гаспадаром на зямлі, то ён будзе старацца пабольш зарабляць, але пры цяперашняй уладзе гэта практычна немагчыма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.