У 2025 годзе Беларусь выдаткавала больш за два мільёны еўра на польскую бульбу
Польская бульба / topagrar.pl
Беларусь увайшла ў дзясятку найбуйнейшых пакупнікоў польскай бульбы ў 2025 годзе. Паводле дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы, за перыяд са студзеня па жнівень краіна закупіла 6,52 тыс. тон польскай бульбы на суму каля €2,3 млн. Гэта прыкметны ўклад у агульны рэкордны экспарт Польшчы, які за восем месяцаў дасягнуў 107, 54 тыс. тон — самага высокага паказчыка за ўсю гісторыю назіранняў.
Асноўным рынкам для польскіх вытворцаў застаецца Украіна (57,11 тыс. тон), аднак Беларусь упэўнена замацавалася на чацвёртай пазіцыі, абагнаўшы Германію і Італію. Агульны кошт экспарту польскай бульбы за восем месяцаў склаў каля €34,9 млн, тады як імпарт за той жа перыяд абышоўся краіне прыкладна ў €63,5 млн.
— Беларускі кірунак застаецца важным для нашых фермераў — ён забяспечвае ўстойлівы збыт і дапамагае ўтрымліваць кошты ўнутры краіны, — каментуюць у польскай аграрнай асацыяцыі.