Жыхароў памежжа прасілі не сустракаць вызваленых украінцаў з дзяржсцягамі
Падчас сустрэчы ўкраінцаў, вызваленых з беларускіх калоній / koordshtab.gov.ua
Сталі вядомыя новыя падрабязнасці вызвалення ўкраінцаў з беларускіх калоній, якое адбылося 22 лістапада. Украінскія СМІ звярнулі ўвагу на тое, што ўпершыню жыхары памежных населеных пунктаў не сустракалі вызваленых на дарозе з дзяржаўнымі сцягамі Украіны, як гэта адбываецца пры абмене палоннымі з Расіяй.
"Кажуць, што людзей папрасілі не выходзіць, імаверна таму, што сярод тых, хто вяртаецца, ёсць тыя, каго ў Беларусі асудзілі за так званыя побытавыя і крымінальныя злачынствы і ўкраінскія спецслужбы павінны іх праверыць", — цытуе Радыё Свабода адзін з рэпартажаў.
Прадстаўнік Каардынацыйнага штабу Украіны па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі Багдан Ахрыменка адмовіўся называць іншыя прозвішчы вызваленых украінцаў.
"На жаль, я не магу каментаваць зараз прозвішчы. Сёння людзі, якіх вярнулі, з рознымі артыкуламі, паколькі мы разумеем, што Беларусь і Расійская Федэрацыя таксама прымяняюць да нашых грамадзян, часам праўдзівыя выракі выносяць, а часам гэта выдуманыя злачынствы, у якіх яны абвінавацілі нашых грамадзян", — сказаў ён журналістам.
Раней у СМІ называлі толькі 18-гадовую Марыю Місюк, абвінавачаную ў "тэрарызме" і асуджаную на 13 гадоў турмы, ды 30-гадовую шматдзетную маці Лідзію Грук, якой прысудзілі 4 гады па абвінавачанні ў "агентурнай дзейнасці".