Афіцыйны Мінск сам фармаваў спісы ўкраінцаў на вызваленне

Лідзія Грук

Лідзія Грук / Суспільне

Афіцыйны Мінск сам складаў спіс украінцаў, якіх ён гатовы вызваліць і перадаць ва Украіну. Пра гэта журналістам расказаў кіраўнік сакратарыята Каардынацыйнага штаба па абыходжанні з ваенапалоннымі Багдан Ахрыменка, перадае Суспільне.

Паводле яго, Кіеў у фармаванні спісаў звяртаў увагу на ўсіх украінцаў, якія знаходзяцца ў беларускіх калоніях, але ўлады Беларусі самі сфармавалі спіс людзей, каго гатовыя вярнуць Украіне. 

Сярод іх была 18-гадовая Марыя Місюк. Дзяўчыну ў сакавіку 2024 года затрымалі ў Беларусі і абвінавацілі ў "тэрарызме", калі ёй было 16. Дзяўчына кажа, што да апошняга моманту не ведала, куды яе вязуць з турмы: "Я думала, што мяне ў лес расстрэльваць вязуць".

Таксама была вызваленая шматдзетная маці 30-гадовая Лідзія Грук. У прапагандысцкім фільме беларускага тэлеканала АНТ сцвярджалася, што яна з мужам Яўгенам фатаграфавала памежныя аб'екты. Сямейную пару, у якой было чацвёра непаўналетніх дзяцей, абвінавацілі ў "тэрарызме". Украінскім журналістам жанчына расказала, што пазней абвінавачанні ёй перакваліфікавалі ў "агентурную дзейнасць" і прысудзілі 4 гады зняволення. Таксама яна паведаміла, што яе муж дапамагаў украінцам.

Ва Украіну ў суботу вярнуўся 31 чалавек, асуджаны ў Беларусі. Паведамлялася, што вызваленне ўкраінцаў адбылося пры дапамозе амерыканскага боку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.