Жыхар Віцебска з дапамогай эвакуатара скраў BMW і разабраў яго на запчасткі

Жыхар Віцебска з дапамогай эвакуатара скраў BMW і разабраў яго на запчасткі

Няспраўны аўтамабіль BMW доўга стаяў у адным з двароў па вуліцы Петруся Броўкі на паўднёвым ускрайку Віцебска. Яго гаспадар быў упэўнены, што машыну немагчыма ўгнаць, таму што яна не на хаду, і таму не вельмі часта правяраў, як яна там.

Але ў перыяд з 10 верасня па 18 кастрычніка аўто нейкім чынам усё ж такі знікла! Міліцыя ўзялася за расследаванне і неўзабаве знайшла прапажу ў адной з вёсак Аршанскага раёна, піша БелТА. Высветлілася, што аўтамабіль быў выкрадзены пры дапамозе эвакуатара. 

31-гадовы мужчына, які прыйшоў у госці да сяброў, пабачыў у двары такі ж BMW, як быў у яго. Паколькі аўтамабіль доўгі час нікуды не выязджаў, кампанія вырашыла, што машына нічыя і яе можна ўзяць на запчасткі. На наступную раніцу план быў увасоблены ў рэальнасць — зламаны аўтамабіль перавезлі ў Аршанскі раён і разабралі.

Дэталі скрадзенага аўто былі знойдзены ў гаражы злодзея. Запчасткі былі акуратна складзеныя ў скрыначкі. Распачатая крымінальная справа па ч.1 арт.205 Крымінальнага кодэкса — "Крадзёж".