Жыхар Карэлічаў заплаціў амаль $7 тысяч за неіснуючае аўто
Ён стаў ахвярай інтэрнэт-махляроў.
43-гадовы мужчына захацеў набыць аўтамабіль і знайшоў на адным з сайтаў абвестку ад грамадзяніна Вялікабрытаніі, які прапаноўваў “Мерседэс-Бенц-Віта”. Прадавец прапанаваў прыехаць па аўто ў Брытанію, але пакупніка гэта не задавальняла. Тады яму прапанавалі пералічыць грошы на замежны рахунак і чакаць, пакуль машыну даставяць у Беларусь.
Пакупнік пералічыў болей за 63 мільёны рублёў у адзін з лонданскіх банкаў і атрымаў код, па якім можна адсочваць перамяшчэнне аўтамабіля. Аднак мінула 10 дзён, але абяцанага аўтамабіля так і не было. А яшчэ прыкладна праз два тыдні на тым самым сайце брытанец зноў прадаваў “Мерседэс-Бенц-Віта”. Падмануты беларус пачаў з ім ліставанне пад іншым іменем і яму прапанавалі такія ж самыя ўмовы, пасля чаго сумневаў у падмане ўжо не было, паведамляе БелаПАН.
У міліцыі распачалі крымінальную справу па факце махлярства ў асабліва буйным памеры. Вядзецца следства.