Жыхар Гомеля браў у рамонт аўтамабілі і... прадаваў іх

Пракуратура Гомельскага раёна накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 26-гадовага жыхара Гомеля, які абвінавачваецца ў махлярстве. Па ёй праходзяць 15 пацярпелых.



Як паведамляе БелаПАН, малады чалавек арандаваў гараж, браў у рамонт аўтамабілі, прысвойваў папярэднюю аплату, запчасткі і затым прадаваў транспартныя сродкі. На адным з чужых аўтамабіляў аўтаслесар без вадзіцельскіх правоў паехаў катацца п'яным і быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ, чым дадаў у свой паслужны спіс яшчэ адзін артыкул Крымінальнага кодэкса.



Разам з папярэдняй аплатай ён узяў у рамонт дзевяць аўтамабіляў, тры з іх паспеў прадаць. Кліентам ён абяцаў хуткі рамонт і афарбоўку, даваў распіскі, а тым часам размяшчаў аб'явы ў газетах і прадаваў аўтамабілі па заніжанай цане. Пакупнікам жа, узяўшы грошы за аўтамабіль, абяцаў пазней перааформіць дакументы. Нашкодзіў махляр і гаспадару гаража, выкраўшы ў яго інструменты для рамонту.