Журналісту Змітру Галко выставілі абвінавачанне

Журналісту Змітру Галко выставілі абвінавачанне

Журналіст Зміцер Галко знаходзіцца ў СІЗА МУС на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Яму выставілі абвінавачанне ў гвалце альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Пра гэта тэлеканалу "Белсат" паведаміў бацька журналіста Мікалай Галко. Распавядаць іншыя падрабязнасці ён адмовіўся. 

Інцыдэнт, які паслужыў нагодай для крымінальнай справы, адбыўся напырканцы лістапада 2017 года. Галко арганізаваў дзень народзінаў свайго непаўналетняга сына Яна. Як паведамляла міліцыя, у кватэры была гучная музыка, і хтосьці выклікаў участковага. Па словах участковага, у яго адбылася сутычка з Галко, падчас якой у міліцыянта быў разбіты мабільнік. Пасля гэтага ўчастковы выклікаў на дапамогу АМАП, які затрымаў удзельнікаў святкавання. Зміцер Галко заяўляў, што ніякай бойкі не было, а ён проста ўзяў міліцыянта за рукі.

Празь нейкі час пасля інцыдэнту Галко з сынам Янам з'ехаў ва Украіну. Яго сын Ян неўзабаве вярнуўся ў Беларусь, а бацьку пры вяртанні затрымалі 22 красавіка на беларуска-ўкраінскай мяжы.