Жонка — пра стан Мілінкевіча: "Дактары кажуць, што ёсць добрыя знакі"
Аляксандр Мілінкевіч / Еўрарадыё
"Дактары кажуць, што ёсць добрыя знакі, пра якія яшчэ рана гаварыць", — жонка Аляксандра Мілінкевіча крыху расказала пра яго цяперашні стан па складанай аперацыі.
Іна Кулей дзякуе ўсім, хто гэтымі днямі моліцца за здароўе палітыка: "Не толькі лекі, але і моц гэтай пазытыўнай энэргіі дапамагаюць Аляксандру Мілінкевічу адужваць".
У аўторак Мілінкевічу выдалілі тромб з соннай артэрыі. З аперацыйнай яго перавялі ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі і ўвялі ў фармакалагічны сон.
Аляксандр Мілінкевіч — беларускі навуковец, грамадскі дзеяч і палітык. Нарадзіўся 25 ліпеня 1947 года ў вёсцы Бершты пад Гроднам. Доўгі час працаваў прафесарам фізікі ў Гродзенскім універсітэце.
З 1990 па 1996 год быў намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама: адказваў за адукацыю, культуру і міжнародныя сувязі. Валодае беларускай, рускай, французскай, польскай мовамі і разумее англійскую.
У палітычнай сферы Мілінкевіч найбольш вядомы як адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года. Выбары былі сфальсіфікаваныя, а намётавае мястэчка, што ўтварылася ў дзень галасавання на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, брутальна разагнала міліцыя.