Жанчына разбіла аб галаву мужа тры бутэлькі з-пад гарэлкі

Як піша "Вечерний Гродно", скандал разгарэўся ў адной з вёсак Воранаўскага раёна. Муж і жонка пасварыліся на глебе рэўнасці. Жанчына штурхнула свайго нецвярозага 38-гадовага мужа так, што ён паваліўся на падлогу. Пасля гэтага разлютаваная жанчына разбіла аб галаву мужа адну за адной тры бутэлькі з-пад гарэлкі і штурхала яго нагой. Трохі астыўшы і пабачыўшы кроў, яна выклікала хуткую. Мужчына не хацеў прыцягваць жонку да адказнасці і адмовіўся пісаць заяву.



Муж і жонка жывуць разам дзесяць гадоў. Увесь гэты час яны рэгулярна скандаляць. Жонку пазбавілі бацькоўскіх правоў і сёлета ў сакавіку асудзілі да накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Раней яна сама выступала ў ролі ахвяры, калі яе біў муж. Дарэчы, тады яна таксама не звярталася па дапамогу ў міліцыю.



Цяпер у справу ўмяшалася пракуратура раёна, куды звярнуліся міліцыянты. У выніку распачатыя дзве крымінальныя справы за наўмыснае прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання.



Фота — vmurmanske.ru