Жанчына папрасіла знаёмых узяць крэдыты на 600 млн і ўцякла ў Расію
Па факце махлярства ў асабліва буйным памеры распачатая крымінальная справа.
56-гадовая жыхарка Мінскай вобласці падазраецца ў махлярстве ў асабліва буйным памеры. Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, жанчына распавядала сваім знаёмым, што збіраецца развіваць бізнэс. Яна здолела пераканаць каля дзесяці чалавек узяць крэдыты для яе. Пры гэтым "прадпрымальніца" абяцала плаціць па адсотках.
Агулам людзі ўзялі крэдытаў на 600 мільёнаў рублёў, грошы перадалі жанчыне, якая неўзабаве знікла. Як высветлілі праваахоўнікі, яна з'ехала ў Расію. Тым часам, банкі пачалі турбаваць кліентаў, якія заключылі дамовы крэдытавання.
Падобны выпадак здарыўся ва Уздзенскім раёне, дзе жанчына атрымала ад 8 грамадзян 450 мільёнаў рублёў.
Фота: sb.by