Збітаму Раману Бандарэнку зрабілі трэпанацыю чэрапа: "Шанец выжыць — 1 з 1000"

Збітаму на "Плошчы перамен" Раману Бандарэнку зрабілі аперацыю, ён знаходзіцца ў крытычным стане.
"Было кровазліццё ў тыя аддзелы мозгу, якія адказваюць за жыццёва важныя працэсы арганізма. Там была вельмі вялікая гематома, прыйшлося рабіць трэпанацыю чэрапа, каб мозг не ціснуў на чэрапную скрынку. Цяпер Раман у крытычным стане. Шанцы выжыць ацэньваюць як 1 з 1000", — распавялі сваякі ў каментары "Нашай Ніве".
Па іх словах, хлопцу патрэбная яшчэ адна аперацыя. Але рабіць яе немагчыма, пакуль Бандарэнка застаецца ў цяперашнім стане: другой аперацыі ён можа проста не перажыць.
31-гадовага мінчука Рамана Бандарэнку невядомыя ў балаклавах затрымалі ўвечары 11 лістапада і зацягнулі ў бус. Яго завезлі ў РУУС, адкуль ён трапіў у лякарню ў непрытомным стане.
Мінская міліцыя цынічна заявіла, што на хлопца напалі "неабыякавыя грамадзяне", якія хацелі знішчыць бел-чырвона-белую сімволіку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.