Затрыманым белсатаўцам даюць па 15 сутак

Тэхнічным супрацоўнікам, затрыманым на студыі "Белсат", прысуджаюць па 15 сутак арышту. Іх вінавацяць у "непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі", паведамляюць праваабаронцы "Вясны".
Як распавядала Еўрарадыё, 21 траўня супрацоўнікі ГУБАЗіКа ўварваліся на студыю "Белсата", дзе здымаюць ток-шоу "Кожны з нас". Сілавікі затрымалі некалькі тэхнічных супрацоўнікаў, якія былі на студыі ў той час. На ўсіх склалі пратаколы паводле арт.24.3 КаАП — непадпарадкаванне. Міліцыянты напісалі, нібыта белсатаўцы пры выхадзе з міліцэйскага транпарту на тэрыторыі РУУСа "ўпіраліся і хапаліся за форменнае абмундзіраванне, чым аказалі непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі".
Справы ў судзе Цэнтральнага раёна разглядае 24 траўня суддзя Аляксандр Петраш.
36-гадовы Павел Патапаў заявіў, што не мог супраціўляцца міліцыянта з прычыны здароўя: ён акурат цяпер праходзіць медабследаванне.
28-гадовы Рыгор Пятровіч патлумачыў суду, што затрымання як такога не было: іх "культурна папрасілі прайсці ў службовы аўтамабіль". Хлопец дадаў, што непадпарадкавання аказваць не мог, бо цягнуў цяжкі заплечнік.
28-гадовы Максім Ярашэнка распавёў на судзе, што пры затрыманні іх здымалі на дзве відэакамеры. Усе затрыманыя ішлі калонай, у пачатку і канцы якой іх суправаждалі міліцыянты.
Хаця затрыманыя сваёй віны не прызналі, кожнаму з іх суддзя Петраш прысудзіў па 15 сутак арышту
Чакаюцца суды над яшчэ трыма затрыманымі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.