Затрымалі экс-дырэктарку вядомай будаўнічай кампаніі Мінска
Кампанія "Тэрабудінвест" да нядаўняга часу была забудоўшчыкам аднаго з самых вядомых сталічных даўгабудаў на вуліцы Прытыцкага.
Пра гэта паведамляе TUT.BY са спасылкай на афіцыйную прадстаўніцу Следчага камітэта Юлію Ганчарову. Паводле некаторых звестак, гаворка ідзе пра Юлію Гаеўскую, якая была дырэктаркай з 2010 па 2013 год.
Следчы камітэт выявіў, што экс-дырэктарка скрала грошы дольшчыкаў са спецыяльнага рахунку кампаніі. Следчыя кажуць, што сума крадзяжу складае больш за 500 мільёнаў рублёў. Гаворка ідзе пра сумы ў цэнах 2009-2010 года — да трохразовай дэвальвацыі.
Дарэчы, "Тэрабудінвест" апошнім часам часта крытыкавалі ўлады. Будаўніцтва праблемнага дома пачалося яшчэ ў 2007 годзе і да гэтага часу не скончылася. 21 лістапада старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька абвінаваціў у прыпынку будаўніцтва саміх дольшчыкаў. А ўжо 11 снежня Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў Мінгарвыканкам, сказаўшы, што той не можа разабрацца з забудоўшчыкам дома — ЗАТ "Тэрабудінвест".
Неўзабаве абавязкі дабудаваць дом перадалі дзяржаўнаму забудоўшчыку "Мінскбуду".
Фота — onliner.by