Затрымалі беларускага палітвязня, які ў лютым збег з "хіміі"
Затрымалі беларускага палітвязня Арцёма Мядзведскага, які ў лютым збег з "хіміі". Як паведамляюць праваабаронцы, яго вярнулі ў папраўчую ўстанову адкрытыга тыпу ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці. Колькі Мядзведскі прабыў на волі, дзе і калі быў затрыманы, пакуль дакладна невядома.
24-гадовы Арцём Мядзведскі ў студзені 2021 года ў Мінску быў асуджаны на тры гады "хіміі" за "грубае парушэнне парадку" (за ўдзел у пратэстах у жніўні 2020-га каля станцыі метро "Пушкінская"). З вясны ён працаваў на фермах комплексу "Белавежскі" ў вёсцы Сушкі ў Камянецкім раёне. Па адной з версій, палітвязень у лютым сёлета збег з лякарні ў Камянцы, куды трапіў з лёгкім страсеннем мазгоў пасля таго, як паслізнуўся і ўпаў у будынку папраўчай установы.