"Запасныя выхады закрываюць дзеля прафілактыкі тэрарызму"
Фота: Reuters
Да вялікай колькасці ахвяр у кемераўскай трагедыі прывялі "разгільдзяйства" і "халатнасць" — такія справаздачы робяць улады перад насельніцтвам, заслухаўшы даклады рэвізораў. Следчыя расказалі пра мноства парушэнняў у сістэме бяспекі ГЦ "Зімовая вішня". Але гэта тыповы гандлёвы цэнтр расійскага рэгіёна. Што з бяспекай наведнікаў такіх ГЦ у цэлым па краіне? З гэтым пытаннем "Новая газета" звярнулася да Дзмітрыя Барашчука — незалежнага эксперта, распрацоўшчыка сістэм бяспекі для прамысловых і гандлёвых памяшканняў. За дзесяць гадоў працы каля пяцідзесяці ГЦ у расійскіх гарадах (Масква, Уладзівасток, Валгаград, Екацерынбург і Калінінград) пабудавалі сістэмы бяспекі па яго рэкамендацыях. Барашчук выступае і як кансультант для дзяржструктур.
— У чым, на вашу экспертную думку, прычына трагедыі ў Кемераве?
— Мяркуючы па апублікаваных запісах з камер відэаназірання, можна казаць пра віну персаналу, у тым ліку аховы, якая не змагла забяспечыць эвакуацыю.
Паводле рэгламенту падчас пажару або іншага надзвычайнага здарэння паказ фільма ў кінатэатры спыняецца, дзверы запаснога выхаду павінныя быць абсталяваныя замкамі "антыпаника" (перакладзіна, націснуўшы на якую ў любым месцы, дзверы можна адкрыць). Абслугоўваючы персанал павінен адразу ўключыць святло ў зале і адкрыць дзверы выхадаў, у тым ліку запасных.
Усе тэхнічныя сістэмы перамяшчэння павінныя быць прымусова спыненыя, а ліфты апушчаныя на нулявы паверх, спыненыя эскалатары. Зыходзячы з наяўнай інфармацыі, гэтага зроблена не было.
— СК заявіў, што сістэма апавяшчэння ў гандлёвым цэнтры "Зімовая вішня" была адключаная ахоўнікам. Як такое магчыма?
— Разгільдзяйства і халатнасць. Пажарная сігналізацыя апрыёры ўключаная заўсёды. Але ахоўнікі могуць выключаць сістэму. Часцей за ўсё прычына ў паламаным датчыку, які фальшыва спрацоўвае. Рэгламент кажа, што пры неаднаразовых ілжывых спрацоўваннях датчык неабходна замяніць, тым больш што ён каштуе рублёў 300.
Падчас усталявання правільнай сістэмы бяспекі акрамя датчыкаў дыму ёсць цеплавыя датчыкі, якія ўключаюцца ад высокай тэмпературы, і дублюючыя сістэмы, у якіх, напрыклад, ёсць дэтэктар адкрытага агню — відэакамера заўважае агонь ці задымленне і "кажа" сістэме: нешта адбываецца.
Ёсць не толькі гукавое, але яшчэ і мультымедыйнае апавяшчэнне — у такім выпадку экраны ў ГЦ павінныя сінхранізавацца і паказваць найбліжэйшы шлях да выхаду. Зусім добра, калі сігналізацыя апаратна-праграмна звязаная з сістэмай кіравання доступам да дзвярэй запасных выхадаў і аўтаматычна іх адкрывае.
— Якая імавернасць, што ў іншым ГЦ ахоўнікі зрабяць гэтак жа, як і ў "Зімовай вішні"?
— Вялікая. Тут яшчэ вось у чым рэч: пры арганізацыі нейкіх мерапрыемстваў па забеспячэнні бяспекі галоўная ўвага надаецца барацьбе з тэрарызмам. А яна, па сутнасці, супярэчыць пажарнай бяспецы.
Калі пры пажарнай бяспецы мы мусім забяспечыць свабодныя праходы і выхады, то пры антытэрарыстычных мерапрыемствах, наадварот, павінныя як мага мацней заблакаваць усе ўваходы, а ў тых, якія разблакавалі, зрабіць дагляд, рамку і кантроль.
Праз гэтую антытэрарыстычную бяспеку закрываюць "на лапату" запасныя выхады. Яны кіруюцца не аўтаматыкай, а заўхозам. У яго захоўваецца ключ ад "свірнавага замка", які на гэтых дзвярах вісіць.
У нас дрэнная культура працы з прыватнымі ахоўнымі прадпрыемствамі (ПАП). Самі ахоўныя прадпрыемствы ўсяляк мінімізуюць выдаткі. Да таго ж праца ахоўніка ў першую чаргу накіраваная на тое, каб захаваць "таварна-матэрыяльныя каштоўнасці", прасцей кажучы — уласнасць яго працадаўцы.
Гэта значыць ПАПавец будзе блакаваць дзверы крамаў, захоўваць абсталяванне — і толькі потым клапаціцца пра эвакуацыю людзей.
— Наколькі сістэмы бяспекі ў розных гандлёвых цэнтрах адрозніваюцца адна ад адной па ўзроўні абароны?
— Ёсць неабходны мінімум, які павінен быць забяспечаны і без якога табе проста не дадуць адкрыцца. Калі ГЦ клапоціцца пра свой імідж, то спрабуе зрабіць сапраўды якасную сістэму, і гэта нятанна. Але ў цэлым, калі мы гаворым пра вялікія молы і грамадскія прасторы, узровень абароны большы, чым той неабходны мінімум.
— Колькі ў сярэднім каштуе сістэма бяспекі гандлёвага цэнтра?
— Усё залежыць ад плошчы. Напрыклад, кошт усёй сістэмы бяспекі для будынка плошчай 15 тыс. кв. м. складзе мінімум 20 млн рублёў. Гэта разавае ўкладанне. Штомесячнае падтрыманне сістэмы ў сярэднім патрабуе каля 200-300 тыс. рублёў.
— Хтосьці правярае кампаніі, якія распрацоўваюць сістэмы бяспекі?
— Арганізацыі, якія займаюцца праектаваннем і абслугоўваннем сістэм, павінныя мець ліцэнзію МНС. Пасля гэтага іх дзейнасць асабліва не правяраюць. Аднак дзесьці можа быць дастаткова сур'ёзны падыход: у Маскве суровейшы, у некаторых рэгіёнах — зусім лёгкі.
— Як уладкаваныя сістэмы бяспекі гандлёвых цэнтраў у Расіі і Еўропе, ці ёсць нейкія адрозненні?
— Ва ўсіх па-рознаму. Усе баяцца тэрарыстаў і змагаюцца з гэтым у першую чаргу. На Захадзе іншая сістэма ліцэнзавання — што ахоўнікаў, што тэхнічных сістэм. У нас правілы наглядных органаў — пажарных, паліцэйскіх і інш. — часцяком адно аднаму супярэчаць, прычым досыць моцна. Калі казаць пра тэхнічныя сістэмы, то ў нас ёсць нейкія дзяржстандарты і нормы, якія не заўсёды адпавядаюць рэчаіснасці. Дзесьці яны правільныя, дзесьці крыху адарваныя ад рэальнасці. Калі пачытаць брытанскія нарматыўныя акты, то там усё прывязана да канкрэтных выпадкаў. Яны больш зразумелыя і менш фармальныя.