Замежныя трымальнікі беларускіх аблігацый усё яшчэ спадзяюцца вярнуць свае грошы
Беларускія рублі / Euroradio
Замежныя трымальнікі беларускіх аблігацый хочуць прадаць дэфолтныя каштоўныя паперы на суму 800 млн долараў. Але бельгійская кампанія Euroclear, якая прадастаўляе фінансавыя паслугі, не прызнае аблігацыі "дэфолтнымі", а называе іх "пратэрмінаванымі".
Гэта значыць, фактычна беларускія аблігацыі "завіслі". І значыць, іх трымальнікі не могуць прадаваць свае актывы нават даўгавым інвестарам, якія зарабляюць на куплі падобных праблемных актываў.
"Той факт, што гэтыя аблігацыі лічацца пратэрмінаванымі ў сістэме Euroclear, азначае, што яны заблакаваныя, для гэтых аблігацый няма рынку", — кажа адзін з уладальнікаў даўгавых папер.
Чаму дэфолт?
Крэдытна-рэйтынгавыя агенцтвы Moody's і Fitch год таму абвясцілі Беларусь дэфолтам па дзяржаўным доўгу. У тым ліку па аблігацыях на суму 800 млн долараў, тэрмін для пагашэння якіх наступіў у лютым.
Санкцыі ЗША і ЕC перашкодзілі Беларусі расплаціцца з трымальнікамі аблігацый — транзакцыі для Беларусі ў еўра замарожаныя.