"Залатая моладзь" тараніла машыну ДАІ на хуткасці 200 км/г (фота)

Здарэнне адбылося ўначы каля вёскі Новая Стража ў Слонімскім раёне.



Як інфармуе прэс-служба ДАІ Гродзенскай вобласці, машына ДАІ ехала ў бок Слоніма сярод іншых аўтамабіляў, калі на вялізнай хуткасці яе пратараніла "Аўдзі А8". Ад удара ззаду патрульны аўтамабіль "адарвала" ад зямлі, ён праляцеў некалькі метраў і апынуўся на даху ў кювеце. На шчасце, супрацоўнікі ДАІ сур'ёзна не пацярпелі.



"Аўдзі", якая атрымала значныя пашкоджанні, з'ехала ў бок Слоніма. Па трывозе быў падняты ўвесь асабовы склад мясцовай Дзяржаўтаінспекцыі. А 5-й гадзіне раніцы віноўніка аварыі і пасажыра, які быў разам з ім, знайшлі ў прыдарожнай кавярні. Хлопцы распівалі алкагольныя напоі.



Прадстаўнікі "залатой моладзі" Слоніма, работнікі аднаго з самых паспяховых мясцовых прадпрыемстваў, спачатку рабілі выгляд, што не разумеюць, чаму іх затрымалі. Але пазней яны прызналі сваю віну, паведамілі, што на момант аварыі ехалі з хуткасцю 200 кіламетраў за гадзіну.



Фота — gaigrodno.by