Закрываюць ці не? Што адбываецца з "Востравам чысціні" ў Беларусі
Касметыка, фота ілюстрацыйнае / ostrov-shop.by
Чуткі пра магчымае закрыццё сеткі крам "Востраў чысціні і смаку" пакуль не пацвердзіліся. Аднак дастаўка тавараў на дом часова прыпыніцца, вынікае з матэрыялу партала Tochka.by.
"Сёння замовіла дастаўку з "Вострава чысціні". Кур'ер сказаў, што гэта быў апошні рэйс. Дастаўкі больш не будзе. Што далей — невядома", — цытуе выданне сваю чытачку.
На гарачай лініі "Вострава чысціні" не змаглі даць дакладнага адказу пра даступнасць інтэрнэт-дастаўкі. А крыніца партала паведаміла, што інтэрнэт-крама і наогул хутка можа спыніць працу.
Іншае мінскае выданне Office Life таксама датэлефанавалася да "Вострава чысціні". Але ім у кантакт-цэнтры паведамілі, што дастаўка толькі часова прыпынілася праз "тэхнічнае абнаўленне". У "Востраве чысціні" працуюць над новым сайтам. І гэта зразумела: у пачатку ліпеня ў сетку выцеклі дадзеныя больш за 700 тыс. пакупнікоў гэтай сеткі. Пасля гэтага кампанія сутыкнулася з праверкай з боку Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных дадзеных.
Выданне таксама адзначае, што ў раёне вуліцы Сурганава чытачы бачылі некалькі закрытых крам сеткі. Але на гарачай лініі растлумачылі, што гэтыя гандлёвыя аб'екты толькі часова зачыненыя "па рашэнні кіраўніцтва".