Забойцу 23-гадовай гамяльчанкі прысудзілі да 15 гадоў турмы
У Гомелі завяршыўся судовы працэс па жорсткім забойстве 23-гадовай гамяльчанкі Марыны Аляксандравай.
Гомельскі абласны суд прысудзіў асноўнага фігуранта па справе да 15 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі ўзмоцненага рэжыму, перадае БЕЛТА. Саўдзельнікаў злачынства — маладых мужа і жонку, якія выхоўваюць дваіх малалетніх дзяцей, — да 13 гадоў пазбаўлення волі кожнага з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Ім таксама ў салідарным парадку прызначаная да выплаты кампенсацыя матэрыяльнай і маральнай шкоды ў суме звыш 800 млн рублёў. Прысуд можа быць абскарджаны ў вышэйшай інстанцыі.
Забойства дзяўчыны адбылося 20 ліпеня 2013 года. Марына Аляксандрава знікла пасля таго, як паехала дамаўляцца аб рэпетытарскіх паслугах на адну з кватэр абласнога цэнтра. Як высветлілася пазней, дзяўчыну завабілі, каб забіць.
Галоўным фігурантам па справе выступаў яе былы малады чалавек, з якім яна рассталася. Некалькі месяцаў ён планаваў помсту, да справы прыцягнуў свайго таварыша і яго жонку. Паводле матэрыялаў справы, усе трое апынуліся датычныя да злачынства. Пасля забойства цела загінулай вывезлі ў лес, дзе і закапалі ў загадзя падрыхтаванай яме.
Фота — fedpress.ru