За выбарамі ў Беларусі назірае немец з партыі цыбульнага караля Дорнау
Дэтлеф Бауэр, якога прапаганда называе міжнародным назіральнікам з Германіі на выбарах 26 студзеня / Dorsteer Zeitung
Прапаганда хваліцца “назіральнікам з Германіі”, які абараняе беларускія выбары і лічыць іх сапраўднымі. Еўрарадыё паглядзела, што гэта за чалавек.
Мужчыну завуць Дэтлеф Баўэр. Па прафесіі ён кіроўца а яшчэ — сябра партыі правапапулістскай “Альтэрнатыва для Германіі”. Верагодна, ужо былы сябра, бо яшчэ ўлетку 2024-га пераехаў у Беларусь. Навошта — таямніца. Не выключана, што ён асцерагаецца пераследу на радзіме ці мае ў Беларусі бізнес, як яго калега па AfD.
“Прыехаў, каб застацца. З гэтага часу мой новы дом — Беларусь”, — пісаў ён у сацсетках.
Але ў нашай краіне ён бываў і раней, прапаганда выкарыстоўвае яго як мінімум з 2023 года.