За палітыку будуць судзіць дзіцячага анколага з 23-гадовым стажам

Доктар-анколаг Алена Шарафановіч, якую судзяць за ўдзел у пратэстах / "Медицинский вестник"
Доктарку Алену Шарафановіч будуць судзіць у Першамайскім судзе Мінска 30 студзеня. Ёй інкрымінуюць "народны" артыкул 342 Крымінальнага кодэкса — дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Гэтае абвінавачанне найчасцей выстаўляюць удзельнікам масавых пратэстаў.
Як піша "Наша Ніва", Алена Шарафановіч — адна з найлепшых дзіцячых анколагаў Беларусі. Яна скончыла Мінскі медінстытут (2001) і аспірантуру Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі па спецыяльнасці "анкалогія" (2019). Шэсць разоў жанчына праходзіла курсы павышэння кваліфікацыі, стажыравалася ў Германіі і ЗША.
Шарафановіч 13 гадоў працавала ў Цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах, яшчэ тры гады — у РНПЦ дзіцячай хірургіі. Адначасова яна працавала ў медцэнтры "Ладэ", Цэнтры лазернай дэрматалогіі "HappyDerm".
Потым Алена Шарафановіч стала дырэктаркай прыватнай "Клінікі А1". Яе муж Руслан быў сузаснавальнікам клінікі. У 2022 годзе другі сузаснавальнік, які канфліктаваў з Русланам Шарафановічам, стаў пісаць скаргі на клініку. У выніку ў медцэнтра забралі ліцэнзію. А на дырэктарку данос напісала адна з супрацоўніц — маўляў, займаецца "распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў". Алену судзілі і аштрафавалі. Клініка неўзабаве закрылася.
Як паведамляюць праваабаронцы, мужа Алены Руслана Шарафановіча таксама судзілі па крымінальнай справе за ўдзел у пратэстах. Чым скончыўся працэс — невядома.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.