За няправільную паркоўку аштрафуюць уладальніка аўто, а не кіроўцу
Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення ДАІ Міністэрства ўнутраных спраў Юрый Літвін.
Падчас тэлефоннай лініі ў газеце "Транспортный вестник" ён распавёў пра некаторыя новаўвядзенні 2014 года, якія чакаюць аўтамабілістаў. Так, ДАІ збіраецца больш жорстка караць за стаянку ў неналежным месцы. На думку інспектараў, гэта павінна пазбавіць гарады ад праблем паркоўкі.
Але па словах Літвіна, адказнасць будзе ўскладацца не на кіроўцу, а на ўласніка, на якога зарэгістраваны аўтамабіль.
Дарэчы, раней гаварылася, што штраф за няправільную паркоўку павялічыцца ўтрая — з адной да трох базавых велічыняў (з 130 да 390 тысяч рублёў). За паўторнае парушэнне на працягу года штраф можа вырасці да 8 базавых велічыняў (1 мільён 40 тысяч рублёў).
Фота — transport-gazeta.by