Сына чыноўніка асудзілі на 2,5 года "хіміі" за наезд на пешахода на мяжы

18 лютага Гродзенскі раённы суд абвясціў вырак у справе аўтамабіліста, які ў жніўні 2013 года "пракаціў" пешахода на капоце свайго аўто Audi Q7. Кіроўцу асудзілі на 2 гады і 6 месяцаў "хіміі".

Як паведамляе гродзенскі сайт 015.by, пад судом апынуўся Максім Русанаў, сын намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Пракурор прасіў для яго 4 гады строгага рэжыму. Аднак суд улічыў змякчальныя акалічнасці: кіроўца добраахвотна кампенсаваў нанесеную шкоду. Таму Русанаву прызначылі абмежаванне волі на 2 гады і 6 месяцаў ва ўстанове адкрытага тыпу.

Здарэнне адбылося 31 жніўня 2013 года на на пункце пропуску "Прывалка". Кіроўца Audi Q7 Максім Русанаў вырашыў праехаць мяжу без чаргі і ўклінаваўся перад машынай мінчука Мікалая Горава. Той абурыўся, выйшаў з машыны і паспрабаваў паразмаўляць з парушальнікам чаргі. У адказ той стукнуў Горава бамперам аўтамабіля, так што мінчуку потым спатрэбілася дапамога медыкаў. Акрамя таго, Русанаў некалькі метраў вёз Горава на капоце свайго аўто — з літоўскай тэрыторыі на беларускую.

Фота з канфлікту ля мяжы — 015.by