За карыстанне аэрапортам нават з дзяцей будуць браць 5 долараў падатку
Пазбаўленыя ад выплаты гэтага аэрапортнага падатку толькі дзеці, якія не дасягнулі пяцігадовага ўзросту.
Сабраныя грошы пойдуць на будаўніцтва новай узлётна-пасадачнай паласы. Пра гэта заявіў першы намеснік міністра транспарту і камунікацый Яўген Рагачоў падчас выступу ў парламенце перад дэпутатамі Палаты Прадстаўнікоў і сенатарамі Савета Рэспублікі.
Яўген Рагачоў: “Зборы будуць накіраваныя на развіцца аэрапортнай інфраструктуры і будаўніцтва новай паласы мінскага аэрапорта. Існуючая паласа разлічаная на эксплуатацыю ў такім рэжыме тэрмінам на 2 гады. Такая практыка ёсць у 90% аэрапортах свету. Мы прагназуем, што сабраных сродкаў будзе дастаткова для завяршэння рэканструкцыі аэрапорта і на пакрыццё расходаў, звязаных з прыцягненнем крэдыту для будаўніцтва і рэканструкцыі існуючай узлётна-пасадачнай паласы”.
Спаганяць 5 долараў збору ў мінскім аэрапорце пачнуць ужо ў нядзелю — 1 чэрвеня. Не трэба будзе плаціць толькі за дзяцей, узростам да 5 гадоў.